РУ БЕ EN

Святочны канцэрт “Берагіня фальклорнага калектыву “Мілавіца”

31.10.2023

Загадчык аддзялення народнай творчасці

ЦДАДіМ «Ветразь» г. Мінска

 

Касцяневіч Надзея Уладзіміраўна

 

28 кастрычніка 2023 года ў рамках гарадскога рэсурснага цэнтра па выхаваўчай рабоце “Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці асобы сродкамі традыцыйнага народнага мастацтва беларусаў” адбыўся святочны канцэрт “Берагіня фальклорнага калектыву “Мілавіца”, прысвечаны памяці і 70-годдзю са дня нараджэння Марыі Снітко, які прайшоў на базе ДУА “Сярэдняя школа №226 г.Мінска”.

Марыя Васільеўна Снітко – педагог дадатковай адукацыі, заснавальніца фальклорнага калектыву “Мілавіца”, адпрацавала ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” больш за 30 год.

Спадчына Марыі Васільеўны – гэта яе калектыў “Мілавіца”, які паказвае выдатныя вынікі на розных узроўнях: раён, горад, рэспубліка. Сёння ў калектыве працуюць Надзея Касцяневіч, Вольга Кульбіцкая, Алеся Герашчанка, Мікола Козенка і нязменны акампаніятар – Алесь Пятровіч Булойчык, яны захоўваюць традыцыі, пакінутыя Марыяй Васільеўнай. 

На працягу ўсяго канцэрта фальклорны калектыў “Мілавіца” выконваў песенныя, танцавальныя і музычныя творы, якія запісала і перадала Марыя Васільеўна малодшаму пакаленню. На мерапрыемстве былі прадстаўлены ўсе ўзроставыя групы калектыву: ад маленькіх да самых дарослых удзельнікаў.

Акрамя “Мілавіцы” падзяліліся сваёй творчасцю іншыя калектывы, якія цесна супрацоўнічалі і сябравалі з Марыяй Васільеўнай. А менавіта: тэатр танца “Чарли” (кіраўнік – Пашкоўская В.В.), тэатр моды “Домино” (кіраўнік – Рачыцкая В.У.), фальклорны гурт “Страла” (кіраўнік – Шчадрына Э.В.), ансамбль казачнай песні “Радня”, спеўны квартэт “Белая ружа” і, канешне, выпускнікі фальклорнага калектыву.

Таксама на канцэрце прысутнічалі ганаровыя госці: Наталля Базарэвіч, салістка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча; Пладунова Таццяна Аляксандраўна, дацэнт кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, Румава Валянціна Мікалаеўна, загадчык вучэбна-метадычным кабінетам ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” г.Мінска”, Тамашэўская Ірына Уладзіміраўна, намеснік дырэктара па інавацыйнай дзейнасці УА “Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі”, паэт Мацвей Лішын і іншыя.

Святочны канцэрт сабраў больш за 70 чалавек, сярод іх бацькі, калегі, выпускнікі калектыва, аднакурснікі, сябры і іншыя госці канцэрта.

 

Фотогалерея: